ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ВЫМЯРА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

сістэма электравымяральных прылад пераменнага току, у якіх вярчальны момант ствараецца пры ўзаемадзеянні магн. патокаў нерухомых электрамагнітаў з магн. полем токаў, што наводзяцца ў рухомай частцы прылады.

Вярчальнае магн. поле ствараецца ў выніку ўзаемадзеяння двух ці больш пераменных магн. патокаў, якія зрушаны ў прасторы і па фазе. Гэтае поле індуктуе ў дыску віхравыя токі. Узаемадзеянне магн. поля віхравых патокаў з вярчальным полем электрамагнітаў стварае ў дыску вярчальны момант. Прылады І.в.с. простыя, устойлівыя да перагрузак, не адчувальныя да знешніх магн. уздзеянняў, але маюць значныя частотныя і тэмпературныя хібнасці. Выкарыстоўваюцца ў лічыльніках электрычных, дзе тэмпературныя хібнасці кампенсуюцца.

Схема прылады індукцыйнай вымяральнай сістэмы: 1 — спружына, якая стварае процідзейны момант; 2 — рухомы дыск; 3 — пастаянны магніт (заспакойвальнік ваганняў); 4, 6 — электрамагніты паслядоўнага і паралельнага ланцугоў; 5 — абмоткі электрамагнітаў.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)